Школа выкладчыка-пачаткоўца: «Візуалізацыя да Вінчы»

Педагогам-пачаткоўцам распавялі пра сродкі візуалізацыі ў адукацыйным працэсе.

Інфармацыі становіцца так шмат, што навучэнцы перастаюць слухаць і разумець выкладчыка? Гэта забівае іх жаданне вучыцца? Жадаеце, каб вашы заняткі былі больш эфектыўнымі? Прычым не толькі эфектыўнымі, але і прыносілі задавальненне? Для гэтага існуе нямала інструментаў. Аднаму з іх - візуалізацыі - прысвечаны чарговы занятак у рамках Школы выкладчыка-пачаткоўца.

У межах сустрэчы кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Каценка, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення, пазнаёміла прысутных з сучаснымі метадамі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі - «Квітнеючы лотас», «Дыяграма Ісікава», «Ментальныя карты», а таксама прынцыпамі, якія ляжаць у іх аснове. Асаблівую ўвагу яна звярнула на методыку «Леанардаўскі нататнік», прататыпам якой паслужылі нататнікі Леанарда да Вінчы, дзе акрамя рабочых запісаў утрымліваліся «нататкі» для сябе (пералік бытавых спраў, спіс рэчаў, якія неабходна ўзяць з сабой і інш.).

«Леанардаўскі нататнік» першапачаткова выкарыстоўваўся ў сферы тайм-менеджменту і выступаў базавым метадам візуалізацыі пры працы з нататнікамі і запісамі. У цяперашні час гэтая методыка дазваляе сістэматызаваць інфармацыю незалежна ад сферы дзейнасці, таму ўсё часцей ужываецца ў іншых галінах, у тым ліку і ў адукацыі. Алена Каценка распавяла і прадэманстравала магчымасці прымянення падобных запісаў у адукацыйным працэсе Акадэміі МУС.

«Навучыцца рабіць «татальныя запісы» досыць лёгка. Трэба фіксаваць усё, што важна, запар. Фіксаваць значыць пісаць, маляваць, прыляпляць выразкі - у залежнасці ад таго, што зручней для запамінання. - адзначыла Алена Каценка. - Дзіўна, але ў такіх запісах лёгка арыентавацца. Выкарыстанне дадзенага метаду дапамагае прасцей вырашаць пастаўленыя задачы і засвойваць новы матэрыял. Асабліва гэта актуальна для курсантаў першых курсаў, якія аказваюцца ў новым незнаёмым асяроддзі, а таксама ў пачатку вывучэння дысцыпліны - калі невядома, што спатрэбіцца ў будучыні».

Метады візуалізацыі інфармацыі, якія асвятліла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення, будуць карысныя як выкладчыкам-пачаткоўцам, так і педагогам, якія маюць вялікі педагагічны вопыт.

Аддзел метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу

Навіны