Школа выкладчыка-пачаткоўца: да вяршыняў майстэрства

Адбылося першае ў гэтым сезоне пасяджэнне школы выкладчыка-пачаткоўца.

Прывітальнае слова ў адрас слухачоў школы вымавіў першы намеснік начальніка Акадэміі МУС кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Аляксей Башан: «Школа выкладчыка-пачаткоўца ˗  гэта фармат, у якім галоўнае - справа. Выкладчык-пачатковец Акадэміі МУС - гэта, як правіла, супрацоўнік, за плячыма якога вялікі вопыт практычнай дзейнасці ў органах унутраных спраў. У школе вы даведаецеся пра сакрэты новай для Вас прафесіі - педагога, сутнасць якой не толькі перадаваць веды, але і быць настаўнікам будучага афіцэра. Мы раскажам Вам як правільна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе сучасныя тэхналогіі, пазнаёмім з шырокім спектрам педагагічных прыёмаў і метадаў, абмяркуем новыя трэнды ў адукацыі».

«На працягуўсяго года мы будзем садзейнічаць станаўленню прафесійнага майстэрства маладых спецыялістаў і творчага падыходу да арганізацыі адукацыйнага працэсу, дасягненню станоўчых вынікаў у педагагічнай дзейнасці», - такімі словамі працягнула пасяджэнне ідэйны натхняльнік школы, часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе начальніка вучэбна-метадычнага ўпраўлення, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Каценка.

Цікава і незвычайна правялі першы практычны занятак настаўнікі школы – супрацоўнікі вучэбна-метадычнага ўпраўлення Таццяна Шчэрба і ЮліяКазяк, якія расказалі выкладчыкам-пачаткоўцам аб вучэбна-праграмнай дакументацыі, неабходнай для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Кожнаму ўдзельніку пасяджэння была прадастаўлена магчымасць пабываць у ролі распрацоўніка вучэбнай праграмы і рэцэнзента адукацыйнага стандарту, аформіць індывідуальны план працы выкладчыка.

Пасяджэнне прайшло ў сяброўскай і цёплай атмасферы. Удзельнікі сустрэчы змаглі пазнаёміцца з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў Акадэміі МУС, задаць усе пытанні, якія іх цікавяць, выказаць пажаданні па далейшай працы школы.

Юлія Казяк,

аддзел метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.

Фота Анастасіі Воінавай, ГIГС Акадэміі МУС

Навіны